Адрас райвыканкама:
247760, Гомельская вобласць, г. Мазыр, пл.Леніна, 16

Тэлефон прыёмнай:
8- (0236) -300111

Электронны адрас для дзелавой перапіскі: mozyrisp1@mail.gomel.by
г. Мазыр
г. Мазыр
Галоўная / Навіны раёна
8 снежня 2021

Экспрэс-інфармацыя службы выратавання 101

Лічбы і факты
У перыяд з 29 лістапада па 5 снежня на тэрыторыі горада Мазыра і Мазырскага раёна пажараў не зарэгістравана, у 3 выпадках паведамленні аб здарэнні не пацвердзіліся. Усяго з пачатку года на Мазыршчыне адзначана 43 вогненныя здарэнні, на якіх загінулі 10 чалавек. За гэты ж перыяд у Беларусі зарэгістравана 5758 пажараў, ахвярамі агню сталі 602 чалавекі. Яшчэ 5900 чалавек было выратавана работнікамі МНС пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Як і раней, асноўнай прычынай узгаранняў застаецца неасцярожнасць пры абыходжанні з агнём.

Гібель у выніку апёкаў
29 лістапада ў Мазырскае падраздзяленне МНС паступіла паведамленне аб тым, што брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі ў прыёмны пакой гарадской бальніцы дастаўлена пенсіянерка 1958 года нараджэння з апёкамі пярэдняй часткі цела. 2 снежня ад атрыманых траўм жанчына памерла. Па папярэдніх дадзеных пацярпелая атрымала апёкі ў сябе ў кватэры некалькі дзён таму з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры эксплуатацыі газавай пліты. МНС нагадвае: звяртайцеся з агнём асцярожна ва ўсіх яго праявах. Не падвяргайце сябе і навакольных небяспецы!

З клопатам аб бяспецы грамадзян
На працягу выхадных на тэрыторыі Мазырскага раёна назіральныя камісіі працавалі ва ўзмоцненым рэжыме. Прафілактычнай працай ахоплена больш за пяцьсот домаўладанняў і каля тысячы чалавек. Разам з прадстаўнікамі суб’ектаў прафілактыкі выратавальнікі нагадвалі аб неабходнасці ўстаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і важнасці захавання правілаў пажарнай бяспекі. Асобная ўвага падчас абследаванняў была нададзена яшчэ і правільнай эксплуатацыі электрычных сетак і прыбораў. З-за памяншэння светлавога дня, а таксама паніжэння тэмпературы навакольнага паветра, расце нагрузка на электрычную сетку. Гэта значыць, што верагоднасць узнікнення пажараў таксама павялічваецца. Таму ў ліку важных рэкамендацый ратавальнікаў – карыстанне спраўнымі электрапрыборамі, а таксама пастаянны кантроль за імі падчас эксплуатацыі.

У Беларусі стартавала акцыя “Апавяшчальнік у кожны дом”
Не сакрэт, што большасць пажараў у кватэрах і прыватных домаўладаннях адбываюцца менавіта ў той момант, калі чалавек спіць. У сне людзі не адчуваюць пах дыму, таму становяцца найбольш безабароннымі перад стыхіяй агню. Адной з гарантаваных мер выяўлення задымлення і абвесткі аб пажары з'яўляецца ўстаноўка аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Менавіта гэты маленькі, але жыццёва важны прыбор дазволіць папярэдзіць трагедыю і выратаваць жыцці людзей у выпадку ўзгарання. Для павышэння ўзроўню бяспекі насельніцтва з 4 снежня ў Рэспубліцы стартавала акцыя па папярэджанні гібелі людзей ад пажараў “Апавяшчальнік у кожны дом”. Падчас яе правядзення назіральныя камісіі раёна пяройдуць на ўзмоцнены варыянт працы. Ратавальнікі нададуць увагу прафілактычнай працы па ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і праверцы іх працаздольнасці ў домаўладаннях адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян, а таксама шматдзетных сем'яў. Асаблівы акцэнт будзе зроблены на дамы беспрацоўных і жыхароў, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі. Варта таксама ведаць, што з пачатку года ў Гомельскай вобласці адзначана 14 спрацовак дымавых дэтэктараў, выратаваны 15 чалавек, з якіх 3 дзяцей. Памятайце: залог вашага дабрабыту – выкананне правілаў пажарнай бяспекі. Усталюйце пажарны апавяшчальнік, каб зберагчы сябе і сваіх блізкіх!

Хай Новы год будзе бяспечным
Пераднавагодні перыяд суправаджаецца рэзкім павелічэннем колькасці пажараў і траўмаў у выніку парушэння правілаў пажарнай бяспекі пры падрыхтоўцы да святаў, неасцярожнага абыходжання з піратэхнічнымі вырабамі. Папярэдзіць надзвычайныя сітуацыі з падобнымі наступствамі – мэта рэспубліканскай акцыі МНС “Бяспечны Новы год!”, якая пройдзе з 14 па 31 снежня. Правядзенне прафілактычных мерапрыемстваў з удзелам ратавальнікаў, пажарных добраахвотнікаў і актывістаў маладзёжнай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных запланавана ў буйных гандлёвых цэнтрах, гарналыжным комплексе і іншых месцах з масавым знаходжаннем людзей. Не застануцца без увагі таксама школьнікі і людзі сталага ўзросту. Для іх падрыхтавана забаўляльна-прафілактычная праграма па бяспецы з удзелам супрацьпажарнага Дзеда Мароза, якая пройдзе ва ўстановах адукацыі і цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Падчас мерапрыемстваў ратавальнікі таксама нагадаюць жыхарам нашага рэгіёна аб правілах устаноўкі навагодняй елкі і небяспецы выкарыстання піратэхнікі.

Што вы ведаеце аб бяспечнай печы?
З пачаткам ацяпляльнага сезона і стартам інфармацыйнай кампаніі “Бяспечная старасць” у мабільным дадатку “МНС Беларусі: дапамога побач” стаў актуальным тэст “Што вы ведаеце аб бяспечнай печы?”. Адноўлены раздзел “Правер сябе” дазволіць за кароткі час ацаніць ваш узровень ведаў па правілах уладкавання печаў, а таксама павысіць яго да “бяспечнага”. Правілы бяспечнай эксплуатацыі ацяпляльных прыбораў асабліва спатрэбяцца перад паездкай на дачу або да састарэлых сваякоў у вёску. Бо, як вядома, адной з найбольш частых прычын пажараў у зімовы час становіцца якраз парушэнне правілаў уладкавання і эксплуатацыі пячнога ацяплення. У гутарцы з бабулямі і дзядулямі нагадайце ім аб небяспецы размяшчэння ўзгаральных матэрыялаў у непасрэднай блізкасці ад печак, а таксама ўважліва агледзьце мур на наяўнасць расколін – іх быць не павінна. Яшчэ адна рэкамендацыя МНС – устаноўка ў домаўладанні аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, які ў выпадку задымлення апавясціць дамачадцаў аб пагрозе, якая набліжаецца.

Праверка паказала
Мазырскім раённым падраздзяленнем МНС скончаны маніторынг ТАА “ЮВЕСсэрвіс” (дырэктар Шчэрбін В.В.), падчас якога выяўлены наступныя парушэнні патрабаванняў заканадаўства аб пажарнай бяспецы:
- не забяспечана магчымасць свабоднага адчынення знутры без ключоў замкоў (завал) у вонкавых эвакуацыйных дзвярах з будынка рэстарана “Славянскі” і магазінаў;
- не вызначаны для некаторых памяшканняў рэстарана “Славянскі” катэгорыі па выбухапажарнай небяспецы ў адпаведнасці з крытэрыямі, вызначанымі МНС;
- не шляхах эвакуацыі рэстарана “Славянскі” размешчаны прадметы, якія перашкаджаюць бяспечнай эвакуацыі.
Падчас маніторынгу філіяла “Мазырскія электрычныя сеткі” РУП “Гомельэнерга” ўстаноўлена, што ў парушэнне правілаў сістэмы супрацьпажарнага нармавання і стандартызацыі ў адміністрацыйным будынку на шляху эвакуацыі ўстаноўлены турнікет без дублявання праходу ў ім распашной брамкай.
Для ліквідацыі парушэнняў кіраўнікам уручаны адпаведныя рэкамендацыі.

Мазырскае раённае падраздзяленне МНС.

Усе навiны