Героі Савецкага Саюза, ураджэнцы Мазыршчыны
Барысаў Міхаіл Уладзіміравіч
Нарадзіўся 16.04.1923 г. у в. Нараўчызне Мазырскага раёна. Герой Савецкага Саюза (1945 г.).
Перад вайной скончыў Гомельскі аэраклуб АСАВІЯХІМ, ваенна-марское авіяцыйнае вучылішча (1943 г.). Са жніўня 1944 г. лейтэнант Барысаў М.У. на Балтыйскім флоце (камандзір звяна, нам. камандзіра эскадрыллі 8-ай мінна-тарпеднай авіядывізіі).
За 10 месяцаў 1944-1945 гг. Барысаў зрабіў 47 баявых вылетаў, патапіў 9 і пашкодзіў 2 транспарты ворага агульным водазмяшчэннем больш за 80 000 тон. Патапіў лінкор «Шлезвіг-Гальштэйн» ВМФ Германіі. Да 1960 г. служыў у Савецкай Арміі (падпалкоўнік).
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі. 6 сакавіка 1945 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР М.У. Барысаву было прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».
Званне “Ганаровы грамадзянін горада Мазыра” прысвоена рашэннем № 141 Мазырскага гарадскога Савета народных дэпутатаў ад 15.04.1982 г.
Катлавец Міхаіл Паўлавіч
Нарадзіўся 25 кастрычніка 1914 г. у в. Лешні. Герой Савецкага Саюза, камандзір танкавага батальёна.
Да вайны скончыў Мінскі педагагічны інстытут. У 1939 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. Пачынаў вайну камандзірам танка. З 1942 г. – камандзір I танкавага батальёна 41 гвардзейскай танкавай Шумілінскай брыгады. Асабліва вылучыўся ў баях восенню 1944 г. у Малдавіі.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі, ордэнам Аляксандра Неўскага, баявымі медалямі.
Загінуў 06.10.1944 г. на румына-венгерскай граніцы.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 25 сакавіка 1945 г. М.П. Катлаўцу прысвоена ганаровае званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна. Пахаваны ў г. Ціраспалі, Малдова. Яго імем названы вуліцы ў г. Мазыры і г. Ціраспалі.
Мураўёў Міхаіл Васільевіч
Нарадзіўся 15.05.1919 г. у в. Нараўчызне. Герой Савецкага Саюза, камандзір батарэі.
Пасля заканчэння тэхнікума працаваў электрамеханікам на Мазырскай ДРЭС. У 1939 г. прызваны ў Чырвоную Армію, скончыў Пензенскае артылерыйскае вучылішча. Камандзір батарэі 327-га асобнага знішчальнага супрацьтанкавага дывізіёна.
Вылучыўся 25 верасня 1943 г. пры фарсіраванні Дняпра ў раёне Пераслаўля-Хмяльніцкага. Малодшы лейтэнант Мураўёў знішчыў некалькі агнявых пунктаў ворага, забяспечыў паспяховае наступленне пяхоты і танкаў. За два дні батарэя Мураўёва адбіла некалькі контратак, знішчыла тры гарматы, чатыры мінамёты, 16 кулямётаў, мінамётную батарэю.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Аляксандра Неўскага, Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі.
Памёр у 1981 г., пахаваны ў г. Нікапалі Днепрапятроўскай вобласці.
Харужая Вера Захараўна
Нарадзілася 14 (27) верасня 1903 г. у г. Бабруйску. З трох гадоў пражывала ў г. Мазыры. У 1919 г. скончыла Мазырскую адзіную працоўную школу 2-ой ступені, настаўнічала на Палессі.
У лістападзе 1920 г. у складзе камуністычнага батальёна змагалася супраць банд Булак-Булаховіча. Пасля грамадзянскай вайны працавала ў Мазырскім камітэце камсамола загадчыцай палітаддзела.
З лютага 1924 г. – яна адзін з кіраўнікоў падпольнага руху ў Заходняй Беларусі, за што была прысуджана да 8 гадоў турмы. Восенню 1932 г., падчас абмену палітзняволенымі паміж урадамі СССР і Польшчы, вярнулася ў Савецкі Саюз.
Пасля вызвалення Заходняй Беларусі – В.З. Харужая на партыйнай рабоце на Палессі. У першыя дні вайны – яна партызанка атрада В.З. Каржа. З вясны 1942 г. – у апараце ЦК КП(б)Б у Маскве. У верасні 1942 г. па заданні партыі арганізуе партыйнае падполле ў Віцебску. Перадавала камандаванню Чырвонай Арміі і партызанам каштоўныя звесткі. 13 лістапада 1942 г. арыштавана і закатавана фашыстамі.
Пасмяротна В.З. Харужай прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Яе імем названы вуліцы ў гарадах Мінск, Віцебск, Мазыр, Бабруйск і іншых гарадах Беларусі. У г. Мазыры, Пінску, Віцебску В.З. Харужай устаноўлены помнікі, мемарыяльныя дошкі.
Героі Савецкага Саюза, якія загінулі пры вызваленні Мазыршчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
Рыгор Мацвеевіч Ціханаў
Нарадзіўся 10 красавіка 1912 г. у с. Сіманаўка Чыстапольскага раёна Какчатаўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Член КПСС з 1940 г. Рускі.
Удзельнік савецка-фінляндскай вайны 1939–1940 гг. Ваяваў на Сталінградскім, Бранскім, Цэнтральным франтах. Камандзір шабельнага эскадрона гвардыі старшы лейтэнант Р.М. Ціханаў вылучыўся ў баях пры вызваленні Камарынскага раёна Палескай вобласці.
28 верасня 1943 г. эскадрон пад яго камандаваннем на плытах фарсіраваў Днепр, суткі вёў бой на захопленым плацдарме, знішчыў больш за 50 гітлераўцаў і мінамётную батарэю, што садзейнічала вызваленню в. Галкі і наступленню падраздзялення палка.
Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 15 студзеня 1944 г.
Загінуў Р.М. Ціханаў 13 лютага 1944 г. у баі. Пахаваны на Кургане Славы ў г. Мазыры.
Валянцін Сцяпанавіч Няжноў
Нарадзіўся 31 мая 1915 г. у г. Ленінградзе ў сям’і служачага. Член КПСС з 1943 г. Рускі.
Працаваў памочнікам машыніста на электрастанцыі, слесарам на чыгуналіцейным заводзе ў г. Пяцігорску.
У Чырвонай Арміі з чэрвеня 1941 г. У 1942 г. скончыў ваеннае вучылішча сувязі ў г. Арджанікідзэ. На фронце з чэрвеня 1942 г. Камандзір узвода сувязі гвардыі старшы лейтэнант В.С. Няжноў вылучыўся ў баі за вызваленне Камарынскага раёна Палескай вобласці.
Узвод на чале з В.С. Няжновым пад агнём ворага фарсіраваў 28 верасня 1943 г. Днепр, наладзіў тэлефонную сувязь з палком праз раку. 29 верасня 1943 г. пераправіў праз раку на лодцы боепрыпасы, забяспечваў бесперабойную работу сувязі. 30 верасня 1943 г. у баі замяніў выбыўшага са строю парторга, асабістым прыкладам не раз узнімаў байцоў у атаку, што садзейнічала паспяховаму наступленню палка.
Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 15 студзеня 1944 г.
Загінуў у баі 24 студзеня 1944 г.
Пахаваны на Кургане Славы ў г. Мазыры.
Яго імем названы вуліцы ў Мазыры і Пяцігорску, імя героя прысвоена прафесійна-тэхнічнаму вучылішчу чыгуначнікаў у г. Мінеральныя Воды, дзе ён вучыўся. На тэрыторыі гэтага вучылішча В.С. Няжнову ўстаноўлены помнік.
Джумагалы Калдыкараеў
Нарадзіўся ў 1922 годзе ў 7-ым сельскім савеце Хаджайлійскага раёна Каракалпакскай АССР у сялянскай сям’і. Казах.
На фронце з 1941 г. Бранябойшчык знішчальнай супрацьтанкавай дывізіі гвардыі радавы Д. Калдыкараеў вылучыўся пры вызваленні Палескай вобласці.
27 верасня 1943 г. з групай воінаў пад моцным агнём праціўніка першым пераправіўся каля Камарына на правы бераг Дняпра. Пад покрывам цемры са звязкамі гранат падпоўз да траншэй і захапіў апорны пункт праціўніка, што спрыяла паспяховаму фарсіравання Дняпра ўсёй ротай.
Д. Калдыкараеў загінуў у баі 14 студзеня 1944 г. пры вызваленні Мазыра. Пахаваны на Кургане Славы ў г. Мазыры.
Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 15 студзеня 1944 г. Яго імем названа школа ў г. Хаджайлі.
Мікалай Іванавіч Шмаргун
Нарадзіўся 19 лютага 1913 г. у г.п. Навапскоўску Варашылаваградскай вобл. у сялянскай сям’і. Украінец.
На фронце з 1941 г. Гвардыі радавы М.І. Шмаргун вылучыўся пры вызваленні Камарынскага раёна Палескай вобласці.
У ноч на 27 верасня 1943 г. М.І. Шмаргун з трыма разлікамі супрацьтанкавых гармат на плыце перапраўляўся праз Днепр. Калі плыт быў разбіты, уплаў з байцамі пераадолеў раку, закідаў гранатамі варожыя траншэі, знішчыў 8 гітлераўцаў.
Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 15 студзеня 1944 г.
Памёр М.І. Шмаргун 30 студзеня 1944 г. ад ран. Пахаваны на Кургане Славы ў г. Мазыры.
Антон Андрэевіч Рыжкоў
Нарадзіўся 6 мая 1920 г. у с. Абрамаўка Талаўскага раёна Варонежскай вобласці ў сялянскай сям’і. Рускі. Член ВЛКСМ.
З 1936 г. працаваў прыцэпшчыкам, трактарыстам на радзіме, электрыкам на Ялань-Каляноўскім цукровым заводзе Варонежскай вобласці. У Чырвонай Арміі з 1940 г. З ліпеня 1941 г. ваяваў на Заходнім, Цэнтральным, Беларускім франтах.
Камандзір стралковай роты старшы лейтэнант А.А. Рыжкоў вылучыўся пры вызваленні Брагінскага раёна Палескай вобласці. 28 верасня 1943 г. рота пад яго камандаваннем пад агнём праціўніка фарсіравала Днепр, захапіла плацдарм на правым беразе ракі, умацавалася на ім і забяспечыла пераправу свайго батальёна.
Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 15 студзеня 1944 г.
Загінуў А.А. Рыжкоў 28 студзеня 1944 г. у рукапашным баі ў в. Церабава пры вызваленні Капаткевіцкага раёна.
Пахаваны на Кургане Славы ў г. Мазыры.
Яго імем названа вуліца ў Мазыры, імя героя прысвоена піянерскай дружыне Абрамаўскай васьмігадовай школы Талаўскага раёна Варонежскай вобласці, дзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
Міхаіл Максімавіч Катаеў
Нарадзіўся 5 снежня 1903 г. у с. Асмярыжск Качырскага раёна Паўладарскай вобласці ў сялянскай сям’і. Рускі.
У 1925-27 гг. служыў у Чырвонай Арміі. Удзельнік ліквідацыі кулацкіх банд у Прыіртышшы. На фронце з 1941 г. Наводчык супрацьтанкавай зброі гвардыі старшына М.М. Катаеў вылучыўся пры вызваленні Камарынскага раёна Палескай вобласці.
У ноч на 27 верасня 1943 г. з трыма разлікамі супрацьтанкавай зброі на плыце першым пераправіўся праз Днепр, уступіў у бой з перавышаючымі сіламі праціўніка і закідаў гранатамі варожыя траншэі, што садзейнічала паспяховай пераправе іншых падраздзяленняў.
Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 15 студзеня 1944 г.
Загінуў М.М. Катаеў 26 студзеня 1944 г.
Пахаваны на Кургане Славы ў г. Мазыры.
Яго імем названы вуліцы ў Мазыры і Паўладары, імя героя прысвоена Дому піянераў і школьнікаў у Паўладары.
Канстанцін Фёдаравіч Захараў
Нарадзіўся ў красавіку 1919 г. у г. Іванаве ў сям’і служачага. Член КПСС з 1942 г. Рускі.
З 1937 г. служыў у Чырвонай Арміі. Скончыў Пермскую авіяшколу ў 1939 г.
З 1941 г. ваяваў на Заходнім, Цэнтральным і Беларускім франтах. Лётчык-знішчальнік, потым камандзір эскадрыллі 233-га знішчальнага авіяцыйнага палка капітан К.Ф. Захараў здзейсніў 190 баявых вылетаў, асабіста збіў 15 самалётаў праціўніка.
Калі 13 студзеня 1944 г. ён вёў у бой чацвёрку «ЯК–9», то на захадзе ад Мазыра заўважыў буйную аўтакалону фашыстаў. Па камандзе Захарава лётчыкі І. Волкаў, В. Тарасенка, Н. Каўказскі пачалі граміць яе, зніжаючыся да брыючага палёту. Загарэліся дзясяткі аўтамашын праціўніка. Гітлераўцаў ахапіла паніка. У самы разгар бою ў капітана Захарава скончыліся боепрыпасы. Ён перадаў пра гэта па рацыі, а сам працягваў імітаваць атаку, спрабуючы тым самым палегчыць баявым сябрам весці бой. Пры апошнім заходзе на цэль самалёт вядучага быў прабіты варожым снарадам. Лётчыку не ўдалося збіць полымя. Машына дрэнна слухалася пілота. Да аэрадрома нельга было дацягнуць. «Біце іх, браты!» – крыкнуў на развітанне па радыё камандзір сваім таварышам і сам накіраваў ахоплены полымем самалёт на вялікую колькасць варожых машын і ўзарваўся разам з імі.
За гэты подзвіг капітан К. Захараў быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза, якое было прысвоена яму 2 жніўня 1944 г.
Пахаваны на Кургане Славы. Яго імем названы вуліцы ў Іванаве і Мазыры.
Рудкоўскі Іосіф Максімавіч
Нарадзіўся 15.02.1931 г. у в. Бузава, Верхня-Дзвінскага раёна Віцебскай вобласці. Член КПСС з 1958 г. Адукацыя незакончаная сярэдняя.
Перадавік нафтаперапрацоўчай прамысловасці, буравы майстар.
Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1966 г. за поспехі ў развіцці геолагаразведачных работ карысных выкапняў.
У 1971 г. прызначаны галоўным інжынерам буравой № 1 Мазырскай канторы разведачнага бурэння ўпраўлення геалогіі.
Дэлегат 23 з’езда КПСС ад Мазырскай гарадской партыйнай арганізацыі. Узнагароджаны ордэнам Леніна і медалямі.
Галко Уладзімір Мікітавіч
Нарадзіўся 13.09.1923 г. у в. Чамярысы Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Пасля заканчэння мінамётных школы накіроўваецца на савецка-кітайскую граніцу. У пачатку 1942 г. – курсант Чалябінскага танкавага вучылішча, быў механікам-кіроўцам танка. Удзельнічаў у баях пад Курскам, у многіх іншых баявых аперацыях. Вайну скончыў у Чэхаславакіі, быў тройчы паранены.
З 1951 г. – дызеліст, буравы майстар Беларускай канторы разведачнага бурэння ў Мазыры, затым працаваў буравым майстрам Рэчыцкай нафтаразведваючай экспедыцыі глыбокага бурэння.
Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1971 г. за паспяховае выкананне 8-га пяцігадовага плана.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны, Славы ІІІ ступені, медалямі.