Вядомыя людзі Мазыршчыны

Дзеячы культуры і мастацтваў

Пушкар Мікалай Мікітавіч (08.05.1919 – 29.12.1993)

Нарадзіўся 8 мая 1919 г. у г.п. Барысаўка Барысаўскага раёна Белгарадскай вобл., Расія. Выхаванец дзіцячай калоніі А.С. Макаранкі імя М. Горкага.

У 1937 г. скончыў Харкаўскае мастацкае вучылішча. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Быў рэпрэсіраваны, знаходзіўся ў канцлагерах з 1945 па 1954 гг. У 1962 г. рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР.

У 1962 г. скончыў завочны народны ўніверсітэт мастацтваў у г. Маскве. У 1966 г. пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў г. Мазыр. З 1968 г. працаваў мастаком у Гомельскіх мастацка-вытворчых майстэрнях мастацкага фонду БССР.

Удзельнік мастацкіх выстаў з 1962 г. За 28 гадоў творчай дзейнасці прымаў удзел у раённых, абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных выставах больш за 300 разоў. Удзельнік сусветных мастацкіх выстаў «ЭКСПА-60» (Манрэаль, Канада, 1965 г.), «ЭКСПА-70» (Японія) і міжнародных выстаў у Польшчы (1961, 1988 гг.), ЧССР (1973 г.), Венгрыі, ГДР і Балгарыі.

У 1972 г. на Мазырскай фабрыцы мастацкіх вырабаў стварыў цэх керамікі, навучаў людзей майстэрству абпалу і лепкі.

У 1976-1977 гг. як скульптар прымаў удзел у стварэнні мемарыяльнага архітэктурна-скульптурнага комплексу «Курган Славы» воінам і партызанам, якія загінулі пры вызваленні г. Мазыра ад фашысцкіх захопнікаў.

Па ініцыятыве М.М. Пушкара ў 1978 г. у г. Мазыры на грамадскіх пачатках быў створаны народны музей прыкладнога дэкаратыўнага мастацтва, якому пастановай калегіі Міністэрства культуры БССР № 46 ад 25 жніўня 1988 г. было прысвоена званне “народны”.

Член Беларускага саюза мастакоў з 1966 г. Працаваў у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве (кераміка).

Асноўныя творы: кампазіцыя «Беларуская бульба», «Браты-беларусы», «Паўлінка», «Палешукі», «Рыбак», «Мы з табою, як рыбка з вадою», «Хатняя баталія», «Паляшук-пясняр», «Тарас на Парнасе», «Палеская прыгажуня», «Кум і кума», «Полессские напевы», «Хор ветэранаў», «Несцерка», «Лірнік», «Дзед і баба», «Мой родны край».

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (г. Мінск), аб’яднаным краязнаўчым музеі аддзела культуры Мазырскага райвыканкама і за мяжой.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 5 сакавіка 1990 г. прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР».

1938-1939 гг. – загадчык клуба ў с. Стрыгуны Барысаўскага р-на Белгарадскай вобл.

1939-1941 гг. – радавы, 91-шы танкавы полк, 46-ая танкавая дывізія Маскоўскай ваеннай акругі.

1941-1945 гг. – ваеннапалонны, зняволены канцлагера № 315, г. Гамерштайн, Германія.

1945-1946 гг. – рабочы, знаходзіўся пад следствам, г. Камсамольск-на-Амуры.

1946-1954 гг. – зняволены лагера п/с 246. Рэабілітаваны 6 чэрвеня 1962 г.

1954-1957 гг. – мадэльшчык, усходняе будаўнічае ўпраўленне, г. Караганда Казахскай ССР.

1957-1959 гг. – скульптар-мастак, жалезабетонны завод трэста «Будпрамматэрыялы», г. Калінінград, РСФСР.

1959-1966 гг. – лепшчык, слесар БМУ-4 трэста «Калінінградбуд», г. Калінінград, РСФСР.

1966-1968 гг. – слесар-аддзелачнік завода меліярацыйных машын, г. Мазыр Гомельскай вобл, БССР.

1968-1982 гг. – мастак мастацкага фонду Гомельскага аддзялення Саюза мастакоў, г. Мазыр Гомельская вобл., БССР.

З 1982 г. – пенсіянер.


Высоцкі Канстанцін Гаўрылавіч

Нарадзіўся 7 лістапада 1927 г. у мнагадзетнай сялянскай сям’і ў в. Астражананцы Лельчыцкага раёна Палескай вобласці, БССР (цяпер Гомельская вобл. Рэспублікі Беларусь). Беларус.

З 1935 г. жыве ў г. Мазыры. У 1944 г. быў накіраваны на вучобу ў кінашколу ў г. Загорск Маскоўскай вобл.

У жніўні 1944 г. накіраваны ў дзеючую армію 1-га Беларускага фронту. Прымаў удзел у вызваленні Варшавы і ўзяцці Берліна.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і шматлікімі медалямі.

У 1952 г. дэмабілізаваўся ў запас. У перыяд 1953-1963 гг. працаваў загадчыкам аддзелаў культуры г. Даманавічы і г. Мазыра. У 1965 г. скончыў Ленінградскі дзяржаўны інстытут культуры імя Н.К. Крупскай. З 1963 г. працаваў дырэктарам кінасеткі Мазырскага раёна, старшынёй прафсаюза Мазырскага гаркама работнікаў культуры.

За працоўны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры і мастацтва ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага сцяга (1971 г.), ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 18 снежня 1968 г. прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры БССР».

З 1988 г. на пенсіі. З 1970 па 1999 гг. працаваў старшынёй гаркама прафсаюза работнікаў культуры.


Рыжы Уладзімір Міхайлавіч (1941–10.10.2004)

Нарадзіўся 15 студзеня 1941 у г. Дзісна Віцебскай вобл. БССР. Беларус. Скончыў Гомельскае музычнае вучылішча (1959 г.), Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А.В. Луначарскага (1971 г.) па спецыяльнасці “Дырыжор хору, выкладчык харавых дысцыплін”.

1959-1961 гг. – мастацкі кіраўнік Дуніловіцкага РДК Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.

1959-1961 гг. – дырэктар музычнай школы г.п. Варапаева Віцебскай вобл.

1961-1964 гг. – служба ў радах СА, Беларуская ваенная акруга.

1964-1966 гг. – дырэктар музычнай школы г.п. Варапаева Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.

1966-1970 гг. – студэнт Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А.В. Луначарскага, г. Мінск.

1970-1972 гг. – выкладчык музычнага вучылішча, г. Мазыр Гомельскай вобл.

1972-2004 гг. – дырэктар музычнага вучылішча, г. Мазыр Гомельскай вобласці Рэспублікі Беларусь.

1 чэрвеня 1999 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь».


Мастакі

Сідоркін Валерый Барысавіч (1955 г.н.)

Нарадзіўся 19 красавіка 1955 г. у в. Галавачы Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і настаўніка малявання. Скончыў рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка (1966-1973 гг.), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, аддзяленне жывапісу (1973-1979 гг.). З 1980 г. пражывае ў г. Мазыры.

Удзельнік мастацкіх выстаў з 1979 г.

Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу, пераважна ў пейзажы.

Асноўныя творы: пейзажы «Зімовая вёска», «Мазырскія яры», «Пад вечар», «Пейзаж з вясёлкай», «Топіцца лазня», «Пачатак лета. Мазыршчына», «Навальніца находзіць», «Поўдзень. Прыпяць», «Прыціхла», «На Прыпяці», «Вечар на Мазыршчыне», «Таполі. Вясна»; карціны «Першае кіно», «Поўдзень»; партрэты дачкі, У. Дубровы; нацюрморты «Пад мірным небам», «Бэз».

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, аб’яднаным краязнаўчым музеі аддзела культуры Мазырскага райвыканкама, у прыватных калекцыях і за мяжой.

Член Беларускага саюза мастакоў з 1985 г.

1999 г. – удзельнік рэспубліканскай выставы-конкурсу пейзажу (карціна «Вячэрняя цішыня»).

1999 г. – удзельнік выставы па выніках міжнароднага пленэру, г. Магілёў.

2000 г. – удзельнік міжнароднага пленэра імя Народнага мастака СССР Яўсея Майсеенкі, г. Буда-Кашалёва.

2000 г. – удзельнік выставы па выніках міжнароднага пленэру, г. Рэчыца, г. Гомель.

2001 г. – удзельнік рэспубліканскай выставы “Мастакі Гомельшчыны”, Палац мастацтва, г. Мінск.

2001 г. – удзельнік абласной выставы, прысвечанай адкрыццю карціннай галерэі імя Г.Х. Вашчанкі, г. Гомель.

2002 г. – удзельнік абласной выставы да фестывалю “Сожскі карагод”, г. Гомель.

2003 г. – удзельнік рэспубліканскай выставы, прысвечанай 120-годдзю Я. Купалы і Я. Коласа, г. Мінск.

2004 г. – удзельнік міжнароднага пленэра, в. Сіднеў, Чарнігаўская вобласць, Украіна.

2004 г. – удзельнік рэспубліканскай выставы «Ад з’езда да з’езда», г. Мінск.

2004 г. – удзельнік афармлення экспазіцыі музея «Памяці ахвярам Азарыцкага лагера смерці».


Дурчын Пётр Сідаровіч (25.10.1918 – 19.07.1997)

Нарадзіўся 25.10.1918 г. у г. Мазыры Гомельскай вобл. Займаўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме (1934-1937 гг.). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Скончыў Маскоўскае мастацкае вучылішча памяці 1905 г. (1949 г.). Вучыўся ў Ф. Фогта, Я. Мініна, В. Бакшэева, П. Пятровічава, М. Крымава. Удзельнік мастацкіх выстаў з 1949 г. Працаваў у станковай графіцы.

Асноўныя творы: пастэлі «Стары Мінск», «Сквер імя Я. Купалы», «Вясновыя карункі», «Скрозь галінкі», «Масток. Першы снег», «Дубок», «Рыга. Ратушная плошча», «Восеньскі матыў», «Куст бэзу», «Восеньскія кветкі»; серыі літаграфій «Брэсцкая крэпасць-герой», «Мазыр – горад на Палессі», партрэтная серыя афортаў «Абаронцы Брэсцкай крэпасці».

Работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, музеі “Брэсцкая крэпасць-герой” і іншых музеях Беларусі.

Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (1989 г.). Узнагароджаны сярэбраным медалём імя М. Грэкава (1990 г.).

Член Беларускага саюза мастакоў з 1956 г.


Дуброва Віктар Кузьміч (15.10.1949 – 26.04.1994)

Нарадзіўся 15.10.1949, в. Бярозаўка Мазырскага раёна Гомельскай вобл. Скончыў Пензенскае мастацкае вучылішча імя К. Савіцкага (1973 г.), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1980 г.), творчыя майстэрні Акадэміі Мастацтваў СССР у Мінску (1984 г.), педагог М. Савіцкі.

Удзельнік мастацкіх выстаў з 1973 г. Працаваў у станковым жывапісе. Асноўныя творы: палотны «Цёплы вечар», «Час сенажаці», «Вяртанне з поля», «Пад старой яблыняй», «Максім Багдановіч – спявак зямлі беларускай», «Ірына»; серыя партрэтаў працаўнікоў Палесся.

Работы знаходзяцца ў фондах Беларускага саюза мастакоў, музеях Беларусі і прыватных калекцыях. Член Беларускага саюза мастакоў з 1988 г.


Захараў Пётр Сяргеевіч (1936 г.н.)

Нарадзіўся 5 жніўня 1936 г. у в. Карпавічы Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Віцебскае мастацка-графічнае вучылішча (1958 г.).

У 1960-1961 гг. – загадчык мастацка-пастановачнай часткі Мазырскага народнага тэатра, з 1975 г. – адначасова мастак Гомельскага камбіната «Мастацтва» Мастацкага фонду Беларусі, з 1999 г. – галоўны мастак Мазырскага драматычнага тэатра імя І. Мележа.

Удзельнік мастацкіх выстаў з 1965 г.

Працуе ў напрамку тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва, у станковым жывапісе (пейзаж). Асноўныя работы: мастацкае афармленне спектакляў «Раскіданае гняздо» Я. Купалы, «Конармія» І. Бабеля, «Лявоніха на арбіце» і «Трыбунал» А. Макаёнка, «Людзі на балоце» І. Мележа, «Партызан» і «Брама неўміручасці» К. Крапівы, «Адкуль грэх?» А. Петрашкевіча; цыкл жывапісных палотнаў «Краявіды Мазыршчыны».

Лаўрэат усесаюзных фестываляў самадзейнай творчасці 1967 г. («Раскіданае гняздо») і 2-га фестывалю народнай творчасці (1986-1987 гг., «Паўлінка»), агляду (1983-1985 гг., «Трыбунал»), міжнародных фестываляў «Рампа сяброўства» ў 1976 г. (Талін, «Трыбунал»), у 1986 г. (г. Вільяндзі, Эстонія, «Люцікі-кветачкі», Гран-пры).

Узнагароджаны медалём «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» (2001 г.).

Член Беларускага саюза мастакоў з 1980 г.


Дуброва Мікалай Кузьміч (1952–2018 гг.)

Нарадзіўся 15 студзеня 1952 г. у в. Бярозаўцы Мазырскага раёна. Скончыў Пензенскае мастацкае вучылішча імя К.А. Савіцкага (1972 г.), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, аддзяленне графікі (1982 г.).

З 1978 г. з’яўляецца пастаянным удзельнікам мастацкіх выстаў: гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных. Работы экспанаваліся ў розных гарадах былога Савецкага Саюза і за мяжой (Індыя, Польшча). Працуе ў акварэлі, эстампе, станковым жывапісе, у жанрах лірычнага пейзажа і партрэта.

Асноўныя творы: акварэлі «Смутак», «Вячэрняя песня», «Да вечара», «Рух», «Над Прыпяццю», «Старая Рыга»; серыя афортаў «Космас для Свету»; жывапісныя палотны «Восеньскі пейзаж», «Стары Мазыр», «Соль зямлі», серыя партрэтаў вядомых працаўнікоў мастацтва і культуры г. Мазыра.

У 1988 г. быў прыняты ў Беларускі саюз мастакоў.

У 2003 г. атрымаў Дзяржаўную стыпендыю дзеячаў культуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь за праект карціннай галерэі.

Работы знаходзяцца ў фондах Беларускага саюза мастакоў, літаратурных музеях, мастацкіх галерэях рэспублікі, за мяжой, у прыватных калекцыях.

З 2001 г. з’яўляецца кіраўніком студыі выяўленчага мастацтва «Фарбы» гарадскога Цэнтра дзіцячай творчасці. Удзельнік афармлення кабінета беларускай мовы і літаратуры ў в. Галоўчыцы Нараўлянскага раёна, Мазырскага эколага-культурнага цэнтра ў н.п. Козенкі Мазырскага раёна.


Васкоўскі Міхаіл Васільевіч (1950–2012 гг.)

Нарадзіўся 19 кастрычніка 1950 г. у в. Ільінка Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў аддзяленне керамікі Бабруйскага мастацка-прамысловага вучылішча (1971-1974 гг.). Служба ў СА (1969-1971 гг.). Працаваў на Аршанскай фабрыцы мастацкіх вырабаў (1974-1975 гг.). У 1975 г. быў запрошаны на работу ў Мазыр фабрыкай мастацкіх вырабаў (1974-2004 гг.).

Удзельнік мастацкіх выстаў з 1975 г.

Асноўныя творы: скульптурныя кампазіцыі «Касец», «Рыбак», «Палескія музыкі», «А мне лятаць ахвота», «Прадаю ката», «Пчаляр», «Валачобнік», «Скульптар», «Каваль»; дэкаратыўныя пасудзіны «Леў», «Зубр»; набор посуду «Глякі».

1977 г. – сярэбраны медаль ВДНГ СССР.

1987 г. – бронзавая медаль ВДНГ СССР.

1978, 1982, 1984,1986, 1987 гг. – дыпломы ВДНГ БССР за распрацоўку і выраб керамічных высокамастацкіх вырабаў дробнай пластыкі фальклорнага характару, а таксама дэкаратыўных пасудзін «Зубр», «Леў» і інш.

1986,1987 гг. – ганаровыя граматы і дыплом Упраўлення мастацкай прамысловасці БССР.

1995, 2001, 2005, 2006, 2007 гг. – ганаровы знак і дыпломы Музея свістулек у г. Чазуна (Італія) за ўдзел у Сусветнай выставе-конкурсе глінянай свістулькі.

1996 г. – дыплом пераможцы конкурсу «Ганчарны круг – 96».

1998 2000, 2002 гг. – дыпломы міжнароднага свята «Славянскі базар у Віцебску».

1999 г. – дыплом Гомельскага аблвыканкама за актыўны ўдзел у 2-ім Міжнародным фестывалі мастацтваў «Сожскi карагод».

Удзельнік міжнародных выстаў у Бельгіі, Югаславіі, Фінляндыі, Індыі, Італіі, Польшчы, Іраку і інш. Удзельнік нацыянальнай выставы Рэспублікі Беларусь у Баліварыянскай рэспубліцы Венесуэла (2007 г.).

Член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці з 1992 г. У 2005 г. прысуджана званне «Народны майстар Рэспублікі Беларусь».

Валодае шырокім арсеналам тэхнічных магчымасцей керамікі. Распрацаваў і ўкараніў у вытворчасць глазуры аднаўленчага агню, чорна-задымленую традыцыйную кераміку, традыцыйныя вырабы дробнай пластыкі. Распрацавана і ўкаранёна каля 600 узораў твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і выставачнага характару. Займаецца вырабам і ўсталёўкай садова-паркавай скульптуры ў г. Мазыры. З 2004 г. кіруе гуртком у Цэнтры дзіцячай творчасці г. Мазыра.


Урачы

Ярашэўскі Анатоль Трафімавіч

Нарадзіўся 13 лістапада 1939 г.

У 1963 г. скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут.

1963-1964 гг. – урач-ардынатар Слабадской участковай бальніцы.

1964-1966 гг. – урач-хірург Мазырскай гарадской паліклінікі.

1966-1967 гг. – намеснік галоўнага ўрача паліклінікі па лячэбнай рабоце.

1967-1969 гг. – загадчык аддзялення пералівання крыві 2-ой абласной бальніцы ў г. Мазыры.

1969-1970 гг. – урач-ардынатар хірургічнага аддзялення 2-ой абласной бальніцы ў г. Мазыры.

1970-1972 гг. – клінічная ардынатура па хірургіі ў Мінску.

1972-1983 гг. – загадчык аддзялення экстранай хірургіі ў Гомельскай абласной бальніцы.

1983-1990 гг. – намеснік галоўнага ўрача па хірургіі Мазырскага гарадскога шпіталя.

1990-2003 гг. – загадчык другога хірургічнага аддзялення Мазырскага гарадскога шпіталя.

У 1987 г. Ярашэўскаму А.Т. прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя па хірургіі, а ў 1990 г. ён быў удастоены звання «Выдатнік аховы здароўя».

За час работы А.Т. Ярашэўскі праявіў сябе як высокапрафесійны спецыяліст і дасведчаны арганізатар аховы здароўя. Пад кіраўніцтвам А.Т. Ярашэўскага і пры яго непасрэдным удзеле ў Мазырскай гарадской бальніцы было арганізавана аддзяленне хірургіі дзяцей, з метадаў лячэння і абследавання ўкаранёны аперацыі з прымяненнем лазера, лапараскапія, фібрахоледахаскапія, рэканструктыўныя аперацыі на страўніку, па-за пячёначных жоўцевых шляхах і абадковай кішцы.

Вялікую ўвагу А.Т. Ярашэўскі надаваў санітарна-асветніцкай рабоце, што дазволіла знізіць позні зварот і смяротнасць пры вострай хірургічнай паталогіі. З’яўляючыся настаўнікам маладых, ён падрыхтаваў больш за 40 хірургаў.


Сает Гаўрыла Яфімавіч

Вялікую работу па арганізацыі медыцынскай дапамогі ў г. Мазыры праводзіў урач Г.Я. Сает, нарадзіўся ў 1872 г. у г. Вільні.

У 1897-1898 гг. скончыў медыцынскі факультэт Дзербцкага ўніверсітэта (цяпер г. Тарту, Эстонія).

Атрымаўшы дыплом урача, працаваў у г. Вільні, але за ўдзел у палітычных гуртках быў высланы ў м. Юравічы (Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці), а ў 1903 г. пераехаў у г. Мазыр.

У 1904 г. Г.Я. Сает прызываецца на руска-японскую вайну ў якасці малодшага палкавога ўрача. У 1905 г. ён вярнуўся ў г. Мазыр.

З пачаткам імперыялістычнай вайны 1914 г. зноў прызываецца ў армію і прызначаецца палкавым урачом 3-га ўланскага Смаленскага палка.

З першых дзён усталявання Савецкай улады Г.Я. Саету была даручана арганізацыя аховы здароўя на Палессі, і ён, з уласцівай яму энергіяй, прыступіў да выканання гэтай адказнай задачы. Будучы членам калегіі Уздрава, ён арганізоўвае стабільную ўрачэбную дапамогу найбольш беднай частцы насельніцтва горада і вёсак і адначасова ўзначальвае санітарную службу Мазырскага павета.

Грамадзянская вайна перашкодзіла яго дзейнасці, і з 1918 г. – Г.Я. Сает у радах Чырвонай Арміі.

У лістападзе 1919 г. Г.Я. Сает быў адазваны на барацьбу з успыхнуўшай эпідэміяй сыпнога тыфу і, заразіўшыся пры аказанні дапамогі хвораму, 26 снежня 1919 г. ва ўзросце 47-мі гадоў памёр у г. Мазыры. Гэта быў чалавек вялікай душы. Ён заваяваў любоў і павагу мазыран.

Вось чаму пралетарыят г. Мазыра пранікся да яго глыбокай павагай. Не выпадкова ў першыя гады станаўлення Савецкай улады, Мазырскі акрвыканкам назваў адну з вуліц г. Мазыра імем доктара Саета.


Гурыновіч Мікалай Антонавіч

Гурыновіч Мікалай Антонавіч нарадзіўся 2 лістапада 1923 г. у в. Сарачы Слуцкага раёна Мінскай вобл. Беларус. Член КПСС з 1958 г.

Скончыў Мінскі медыцынскі інстытут у 1953 г. па спецыяльнасці “Лячэбная справа” (дыплом Ж № 692195 ад 23.06.1953 г).

З 1959 г. працаваў галоўным урачом Слабадской участковай бальніцы.

У 1959 г. пераведзены на пасаду ардынатара тэрапеўтычнага аддзялення 2-ой абласной бальніцы Мазыра, а з 1964 г. загадваў тэрапеўтычным аддзяленнем.

З 1965 па 1975 гг. быў галоўным урачом Мазырскай бальніцы.

З 1976 г. зноў загадваў першым тэрапеўтычным аддзяленнем (21.09.1987 г. перайменавана ў пульманалагічнае).

Вышэйшая катэгорыя па пульманалогіі з 1987 г.

1984 год. Пасля праходжання ўдасканалення ў Маскве па «Клінічнай алергалогіі» ў аддзяленні стала аказвацца дапамога хворым дадзенага профілю.

Памёр Мікалай Антонавіч 21.01.1996 г.

Гэта быў глыбокадумаючы, высокаадукаваны ўрач, які выхаваў цэлую плеяду дактароў. Вучань М. Стражэска, Мікалай Антонавіч быў і ёсць узорам урача, педагог, падобны да С.П. Боткіна.


Файнштэйна Барыс Аронавіч

Заслужаны ўрач БССР, оталарынголаг Мазырскай бальніцы, ветэран Вялікай Айчыннай вайны.

Б.А. Файнштэйн нарадзіўся 29 ліпеня 1909 г. у г. Петрыкаве Гомельскай вобласці. У 1932 г. скончыў Беларускі дзяржаўны медінстытут.

З 1934 г. Б.А. Файнштэйн працаваў у г. Мазыры ўрачом-оталарынголагам і адначасова займаў шэраг адміністрацыйных пасад: загадчык гарадскога аддзела аховы здароўя, галоўны ўрач Палескай абласной бальніцы, а з 1940 г. – галоўны ўрач Мазырскай гарбальніцы.

З чэрвеня 1941 па кастрычнік 1945 гг. Б.А. Файнштэйн – начальнік шпіталя на Заходнім, Волхаўскім, Ленінградскім, 3-ім Прыбалтыйскім, 3-ім Беларускім, 2-ім Далёкаўсходнім франтах.

У 1946 г., вярнуўшыся ў г. Мазыр, працаваў урачом-оталарынголагам, галоўным урачом Палескай абласной бальніцы, намеснікам галоўнага ўрача па лячэбнай частцы, загадчыкам кабінета па ўліку і статыстыцы.

На працягу сваёй урачэбнай дзейнасці Б.А. Файнштэйн аддаў многа энергіі і ведаў для развіцця аховы здароўя на Палессі, лячэнню хворых.


Пярлоў Аляксандр Іванавіч

Заслужаны ўрач БССР, галоўны ўрач Мазырскага тубдыспансера. Нарадзіўся 27 жніўня 1892 г. у в. Баркова Віцебскага павета і губерні. У 1912 г. скончыў Магілёўскую фельчарскую пяцігадовую школу. З 1922 па 1926 гг. – студэнт Ленінградскага дзяржаўнага інстытута медыцынскіх ведаў. Пасля заканчэння інстытута працуе ў Жыткавіцкай раённай бальніцы.

З 1932 г. – загадчык Палескага абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера. Пад яго кіраўніцтвам Мазырскі тубдыспансер стаў адной з найбольш буйных лячэбна-прафілактычных арганізацый супрацьтуберкулёзнай службы Беларусі. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў у радах Савецкай Арміі.

Пасля вайны вяртаецца ў г. Мазыр на пасаду галоўнага ўрача Мазырскага тубдыспансера, якую займаў раней. Вопытны і вядучы ўрач, ён карыстаецца вялікай павагай і аўтарытэтам не толькі ў Мазыры, але далёка за яго межамі.

А.І. Пярлоў сваю работу яднаў з грамадскай дзейнасцю. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. На працягу некалькіх скліканняў з’яўляўся дэпутатам Мазырскага гарсавета.

Вялікую работу праводзіў А.І. Пярлоў па паляпшэнні медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Урад высока ацаніў заслугі Аляксандра Іванавіча. Яму прысвоена званне заслужанага ўрача БССР.


Абрамовіч Франц Вікенцьевіч

Нарадзіўся ў 1864 г. Ф.В. Абрамовіча трэба лічыць заснавальнікам хірургіі на Палессі, дыяпазон яго хірургічнай дзейнасці быў вельмі абшырны.

У 1889 г. скончыў Пецярбургскую ваенна-медыцынскую акадэмію, а з 1895 г. працаваў старшым урачом Цвярской земскай бальніцы, займаючыся адначасова хірургіяй і гінекалогіяй. Віртуозна аперыраваў, займаўся навуковай работай, яго артыкулы друкаваліся ў медыцынскіх часопісах у Расіі і за мяжой.

У 1900 г. стаў доктарам навук. Прымаў удзел у руска-японскай вайне ў якасці хірурга перавязачнага атрада. За сваю прагрэсіўную палітычную дзейнасць Ф.В. Абрамовіч падвяргаўся праследаванню царскімі ўладамі аж да зняцця з работы Цвярскім Губернатарам. У 1914-1923 гг. працаваў у г. Гомелі, загадваючы хірургічным аддзяленнем, а з 1923 г. – у Мазыры.

Ён быў усебакова адукаваным чалавекам. Ім апублікаваны 22 навуковыя работы. Ф.В. Абрамовіч быў актыўным удзельнікам шматлікіх расійскіх і ўсесаюзных з’ездаў хірургаў, украінскіх і першага Беларускага з’езда хірургаў у 1929 г. Ён быў абраны намеснікам старшыні 18-га Усерасійскага з’езда хірургаў і практычна ім кіраваў.

У Мазыры Ф.В. Абрамовіч арганізаваў хірургічная-гінекалагічнае аддзяленне і загадваў ім. Ён стварыў у Мазыры навуковую асацыяцыю ўрачоў (урачэбнае грамадства). Як прадстаўнік асацыяцыі, ён дабіўся абмеркавання пытанняў арганізацыі медыцынскай дапамогі ў горадзе і раёне, даваў тэмы для работ і дакладаў маладым урачам і ўсяк дапамагаў ім.

Ф.В. Абрамовіч быў настолькі вядомым, што за дапамогай да яго звярталіся хворыя не толькі з усяго Палесся, але і з суседніх раёнаў Украіны.

Памёр Ф.В. Абрамовіч 10 мая 1933 г. на 70-ым годзе жыцця ад сыпнога тыфу, заразіўшыся пры абследаванні цяжкахворага.


Навукоўцы

Мацапура Міхаіл Яфрэмавіч

Акадэмік Акадэміі навук Беларускай ССР і Усесаюзнай Акадэміі сельскагаспадарчых навук імя У.І. Леніна, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі, лаўрэат Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій СССР, доктар тэхнічных навук, прафесар.

М.Я. Мацапура нарадзіўся 20 лістапада 1908 г. у в. Барбароў Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці. Яшчэ падлеткам па дагаворы ён настаўнічае ў пачатковай школе. У 18-19 гадоў вядзе ў вёсцы грамадскую работу, становіцца кіраўніком камсамольскай арганізацыі.

У 1927 г. па пуцёўцы Аршанскага акруговага аддзела народнай асветы М.Я. Мацапура накіроўваецца на вучобу ў г. Ленінград. Тут ў 1932 г. скончыў факультэт індустрыяльнага земляробства пры Ленінградскім інстытуце механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Пасля заканчэння інстытута М.Я. Мацапура вяртаецца ў Беларусь.

У 1933 г. па яго ініцыятыве была створана Беларуская навукова-даследчая станцыя механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. М.Я. Мацапура працуе тут старшым навуковым супрацоўнікам, дырэктарам станцыі. На працягу некалькіх гадоў ім была праведзена вялікая арганізацыйная работа, створана і рэалізавана ў вытворчасць трактарная бульбаўборачная машына М-2 і ТЭК-2, кормазапарнік ЗК-0,5, апублікавана больш за дзесяць навуковых работ, абаронена кандыдацкая дысертацыя.

У 1938 г. ён паступае ў дактарантуру Усесаюзнай Акадэміі сельскагаспадарчых навук імя У.І. Леніна і адначасова кіруе лабараторыяй бульбяных машын Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі.

З 1943 па 1945 гг. Міхаіл Яфрэмавіч Мацапура – намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення адукацыйных і навукова-даследчых устаноў Наркамата саўгасаў СССР. Акрамя таго, ён вядзе вялікую навуковую і выкладчыцкую работу. У 1945 г. яму прысвоена вучоная ступень доктара тэхнічных навук, у 1947 г. – званне прафесара.

У гэтым жа годзе М.Я. Мацапура быў прызначаны дырэктарам Інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі Акадэміі навук БССР, абраны сапраўдным членам Акадэміі і акадэмікам-сакратаром АН БССР. Міхаіл Яфрэмавіч многа зрабіў для аднаўлення разбуранай падчас вайны Акадэміі, арганізацыі навуковых даследаванняў. Створаны зусім на новым месцы ў цяжкія пасляваенныя гады Інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі зараз з’яўляецца адным з найбольш буйных у краіне.

У 1954 г. яму прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі. У 1957 г. яго выбіраюць акадэмікам і віцэ-прэзідэнтам зноў арганізаванай Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР, у 1964 г. – акадэмікам Усесаюзнай Акадэміі сельскагаспадарчых навук імя У.І. Леніна.

Інфармацыйныя рэсурсы

up